РАЎНАВА́ГІ О́РГАНЫ,

органы жывёл і чалавека, якія ўспрымаюць змены стану цела ў прасторы, дзеянне на арганізм паскарэнняў і змен гравітацыйных сіл. У беспазваночных жывёл прадстаўлены статацыстамі (слыхавыя пузыркі), унутры якіх размешчаны своеасаблівыя цвёрдыя ўтварэнні — статаліты. У пазваночных жывёл і чалавека Р.о. прадстаўлены сенсаэпітэліяльнымі клеткамі паўкружных каналаў і мяшочкаў вестыбулярнага апарату ўнутр. вуха. У пазваночных звязаны з мазжачком і рэтыкулярнай фармацыяй, што абумоўлівае каардынацыю іх дзейнасці з інш. сенсорнымі сістэмамі. Узаемадзеянне паміж вестыбулярнымі цэнтрамі і нерв. механізмамі забяспечвае рэгуляцыю тонусу мышцаў. Сукупнасць сігналаў ад статарэцэптараў лабірынта, вачэй, механа- і прапрыярэцэптараў выклікаюць адпаведныя рэфлексы, якія рэгулююць у чалавека і жывёл нармальную арыентацыю ў адносінах да напрамку сілы цяжару. У захаванні раўнавагі ў чалавека важная роля належыць таксама скурнай адчувальнасці, мышачна-сустаўнаму пачуццю, зроку. Парушэнні Р.о. праяўляюцца пры шэрагу захворванняў нерв. сістэмы (атаксія), вестыбулярнага апарату (Меньера хвароба, галавакружэнне, марская хвароба).

А.​С.​Ленцюк.

т. 13, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)